Гiсторыя суполкi

Суднік па-магілёўску


Неяк на пачатку 2005 года моладзь сабралася ў грамадскім цэнтры «Кола», каб сустрэць замежную дэлегацыю. І вось бачаць, як па лесвіцы на другі паверх падымаецца сівы чалавек «без узросту»: вытанчаны, у фірмовым пінжаку, добрых ботах і па-плэйбойску завязаным чырвоным шаліку. «Божухна, які мужчына!» — вырвалася ў адной з дзяўчын. «Мабыць, француз», — рэзюмавала яе сяброўка.

«Француз» нечакана загаварыў па-беларуску. Ім аказаўся маёр запасу, выпускнік Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС у Маскве, былы інструктар ЦК КПБ Генадзь Вітольдавіч Суднік. Сыну вайскоўца, што нарадзіўся ў штабным горадзе ПаўднёваУральскай ваеннай акругі — Чкалаве (так называлі Арэнбург з 1938 па 1957 год), а потым яшчэ і ажаніўся на дачцэ вайскоўца, здаецца, сам лёс наканаваў мець вайсковую выпраўку і лаяльнасць да савецкай улады з усімі яе тагачаснымі парадкамі. Аднак жыццё аказалася больш цікавым і багатым на кантрасты.

Мы кажам «партыя»…


У пачатку 1980-х, яшчэ напярэдадні перабудовы, партыя кінула яго на новы «фронт» — ствараць Магілёўскую абласную студыю тэлебачання. Ад праектна-каштарыснай дакументацыі знакамітага чырвонага будынка, што па вуліцы Першамайскай, 83 і да першага ўласнага выпуску навінаў у студзені 1989 года  — усе этапы станаўлення тэлевяшчання ў Магілёве прайшлі пад «зоркай» Судніка.

Старшыня абласнога камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні запомніўся тым, што сам вычытваў усе выпускі навінаў, да якіх у яго было надта неабыякавае стаўленне. Старажылы мясцовага TV прыгадалі, як аднойчы да пачатку эфіру заставалася пара гадзін, а тэксты яшчэ былі на стале ў кіраўніка камітэта. Рэдактары пачалі нервавацца, але баяліся зайсці да шэфа. Урэшце вырашылі накіраваць да яго самага маладога супрацоўніка.


Да эфіру ёсць пару хвілінаў на апошнія заўвагі. Старшыня аблтэлерадыёкамітэта Г. Суднік паміж зоркамі тэлестудыі Святланай Карпяковай і Аляксандрам Баранавым. 1991 год

— Генадзь Вітольдавіч, час «Навіны» запускаць, — кажа маладзён.

— «Навіны»? А яны ёсць?  — запытаўся Суднік. — Ну тады запускаем… — і шпурнуў у паветра стос папераў. Як рэагаваць на такое, тады яшчэ ніхто не ведаў. Стажор, абсыпаны «сырымі» тэкстамі, стаяў як укопаны, а так званыя рэгіянальныя навіны асядалі па ўсім кабінеце. Потым была размова, як рабіць сапраўды актуальныя, аператыўныя навіны, каб яны былі цікавыя для жыхароў рэгіёна.

«Гнілая» інтэлігенцыя


Пазней тэлевізійны начальнік прынясе шмат непрыемных, нават выпрабавальных хвілінаў тым, хто ўсё жыццё перастрахоўваўся і ціхенечка пераседжваў грамадска значныя для краіны падзеі. У Магілёве кажуць, што менавіта такія «прамудрыя печкуры» ад журналістыкі і працуюць сёння на рэдактарскіх пасадах у розных дзяржаўных медыя.

19 жніўня 1991 года, калі танкі ўвайшлі ў Маскву, а самазваны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП) рыхтаваўся да прэсавай канферэнцыі, цэковец і старшыня абласнога тэлерадыёкамітэта Генадзь Суднік знаходзіўся ў адпачынку. Несумненна, беларускі жнівень ці не лепшы месяц для барбекю на беразе рэчкі. У тыя часы савецкія наменклатуршчыкі часта адпачывалі на партыйных дачах, якімі карысталіся без асаблівых маральных пакут і абмежаванняў. Сотні чыноўнікаў і партыйных босаў у дзень канстытуцыйнага перавароту адключылі тэлефоны і заляглі «на дно», каб перачакаць «смутны час». Аднак Суднік паступіў інакш. І, якія лейцы падштурхнулі яго ў тыя дні для мясцовага творчага beau monde, дагэтуль застаецца таямніцай.

У памяці ветэранаў магілёўскага тэлебачання захаваліся ўсе, нават самыя дробныя, падзеі таго дня. Перадусім іх здзівіла, што Генадзь Суднік сам адклікаў сябе з адпачынку. Маўляў, навошта, «бо жыў жа ў шакаладзе». Да ўсяго напісаў заяву з асуджэннем дзеянняў ГКЧП. І, што самае страшнае, як прыгадалі ветэраны, прымусіў супрацоўнікаў магілёўскага тэлерадыёаб’яднання падпісацца пад гэтым дакументам.

Другі злева — Г. Суднік, старшы сержант, намеснік камандзіра танкавага ўзвода (паводле баявога раскладу — камандзір танка камандзіра палка). Печы, 1964 год

Расклад быў такі: тэхнічны персанал, калі хоча, то падпісваецца, а вось творчыя работнікі — падпісваюцца абавязкова і бескампрамісна!

Столькі ненарматыўнай лексікі, што круцілася ў галовах супрацоўнікаў тэлебачання, а часам і агучвалася ў завуголлях адміністрацыйнага будынка ў дачыненні іх кіраўніка, па іх жа прызнанні, у іх жыцці ніколі не было. Палова падпісантаў, схіліўшы галаву, сышла, а многія трэсліся ў кабінетах і на поўным сур’ёзе чакалі хуткага арышту і пракліналі той дзень, калі прыйшлі працаваць да Судніка. Аднак ужо 21 жніўня 1991 года, калі з Масквы прыйшла інфармацыя, што путч праваліўся, яны ганарыліся тым, што «супрацьстаялі» хунце і ахвотна распавядалі пра сваю адвагу. Генадзь Суднік у гэты дзень проста адсвяткаваў свой другі дзень нараджэння.

Падзеі 19 жніўня 1991 года сталі момантам ісціны для ўсіх, хто нарадзіўся і зрабіў кар’еру ў СССР. У гэты дзень выявіліся самыя лепшыя альбо самыя гнюсныя рысы чалавечага характару. Дзіўна, але некаторыя «сябры» Судніка дагэтуль надта нервова рэагуюць на пытанне пра свае асабістыя паводзіны ў 1991 годзе. Відаць, і сёння зайздросцяць смеласці і моцы Судніка, якія перамаглі нікчэмнасць і ліслівасць многіх «праваднікоў палітыкі партыі», як тады называлі літаральна ўсіх журналістаў. Цяпер былым калегам толькі і застаецца, што распавядаць пра «цяжкі характар» іх былога кіраўніка.

Містэр «Не»


А характар у яго і дагэтуль цвёрды. Да́мы, што ведаюць Судніка як вытанчанага еўрапейца і галантнага інтэлігента, нават і не падазраюць, што часам ён западае ў такую лютасць, што яго апанентаў прыходзіцца ў літаральным сэнсе ратаваць. Такім Суднік бывае, калі дыскусія тычыцца гонару ці здрады, свабоды ці няволі, прыстасавальніцтва ці прафесійнай мужнасці. Важным і нават сакральным для яго было і застаецца пытанне нацыянальнай свядомасці і незалежнасці Беларусі.

Такая пазіцыя, безумоўна, паўплывала і на далейшы лёс Генадзя Вітольдавіча. Хто толькі не заходзіў у кабінет старшыні Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні падчас апошніх у савецкай гісторыі выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Кандыдаты ў дэпутаты па чарзе раіліся з ім наконт эфірнага часу. З кожным Суднік персанальна абмяркоўваў актуальныя падзеі. І неяк, кажуць, «завёўся», выказаў новаспечаным «рупліўцам» пра народнае шчасце ўсё, што думае.

Таму, калі надышоў час пераможцам тых выбараў ісці ў рэстаран, куды сабраліся ўсе «мясцовыя», тады яшчэ сціплыя і пераважна сумленныя, pressдзеячы (пазней яны ўзначаляць практычна ўсё, што можна ўзначаліць у гэтай краіне), то адбылася размова, пра якую мне таксама распавялі па «вялікім сакрэце»:

— Ці клікаць Судніка? — запытаўся адзін з рэдактараў.

— Відаць, не. Не наш чалавек, — пасля паўзы адказаў ужо абраны дэпутат, які пазней здолее стаць першым беларускім прэзідэнтам.

Натуральна, пасля гэтых словаў дні Генадзя Судніка на пасадзе кіраўніка былі падлічаныя. І зразумела, што апошнім стаў дзень інаўгурацыі новаабранага кіраўніка дзяржавы.

Думаю, для многіх будзе дзіўным даведацца, што калісьці Генадзь Суднік практычна зусім не ведаў беларускай мовы. Каб выправіць сітуацыю, ён абкладаўся слоўнікамі ў сваім начальніцкім кабінеце і бясконца вучыўся. Не дзіўна, што такія людзі сапраўды былі чужымі для аматараў «вершаў Быкава».


Тады яшчэ старшы лейтэнант (з 1986 года маёр), Г. Суднік у знакамітай Пскоўскай паветрана-дэсантнай дывізіі на каманднапалітычных зборах у якасці намесніка камандзіра палка па палітчастцы, 1979 год

Чырвоныя кніжачкі


У сакавіку 2008 года адразу тры маёры з магілёўскай абласной управы КДБ а восьмай раніцы заявіліся на кватэру Генадзя Судніка. Намеснік пракурора г. Мінска А. Стук дазволіў ператрус у межах расследавання крымінальнай справы па ч. 1 арт. 367, узбуджанай у дачыненні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава. Іх абвінавацілі ў стварэнні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку. У пастанове было напісана, што следчы пракуратуры г. Мінска В. Шабан даручыў магілёўскаму КДБ «пашукаць прадметы, якія могуць знаходзіцца ў кватэры Генадзя Судніка і мець дачыненне да ўзбуджанай крымінальнай справы».

Маёры мелі асалоду стаць сведкамі цэлага шэрагу парадоксаў. Па-першае, яны ішлі ў самы цэнтр горада рабіць ператрус у доме, дзе жывуць усе мясцовыя «шышкі». Па-другое…

— УКГБ по Могилевской области,  — важна прад’явіў чырвоную кніжачку першы з трох.

— Ага… так-так, у мяне таксама ёсць, амаль такая ж, — пажартаваў у адказ Суднік.

Пачаўшы гартаць невялічкі стос чырвоных кніжачак гаспадара кватэры, маёры крыху зніякавелі. Яны чулі пра розныя КПСС, Маскву і ЦК, але ж жыўцом такога пакуль яшчэ не бачылі. Таму ўключаць «агентаў 007» было зусім недарэчным, а рабіць сур’ёзны ператрус — сорамна. Тым часам было відавочным, што «савецкі маёр» Суднік бачыў перад сабой не разведчыкаў, а нейкіх «пацаноў» з раёна, якія па волі лёсу апынуліся на службе ў структуры, назва якой калісьці складалася ў страшную абрэвіятуру з трох літараў — КДБ. Але гэта было калісьці…

У кватэры Судніка ёсць шмат дзіўных рэчаў. Побач з партрэтам жонкі на тле Эйфелевай вежы, напрыклад, стаіць партрэт Эмі Уайнхаўс. Прыгожая. Спачатку ўсе думаюць, што гэта дачка. Але, даведаўшыся пазней, што гэта брытанская спявачка, здзіўляюцца. Шок! Сівы Суднік, нібы зафаначаны падлетак, толькі замест постэра з часопіса трымае партрэт любімай рок-зоркі. Не менш дзіўна выглядае на фота і шчаслівы былы інструктар ЦК каля статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.

Сын Генадзя Судніка Віктар — адказны сакратар і першы чытач «Тыднёвіка Магілёўскага» каля друкарскай лініі са свежым нумарам газеты, 2001 год

Але найбольш парадаксальна выглядала тое, што выдатнік марксізму-ленінізму, які вучыўся на паралельным курсе з цяперашнім лідарам расійскіх камуністаў Генадзем Зюганавым, раптам стаў самым адданым абаронцам нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі. Насупраць яго стаялі тры разгубленыя спецслужбісты, чыё юнацтва выпала на ўжо вернуты бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. А сталенне — на знявагу гэтай гістарычнай святыні, якую вандалы парвалі на кавалкі, ды навяртанне да савецкага ладу жыцця. Такім чынам у кватэры ў цэнтры Магілёва сутыкнуліся шчасце і мудрасць напоўніцу пражытага жыцця і разгубленасць, калі не «зашуганасць», беспрынцыповай маладосці.

Той ператрус доўжыўся больш як дзве гадзіны, але ўрэшце маладыя маёры забралі толькі сістэмны блок камп’ютара, каб не пайсці з пустымі рукамі. Справаздачу ж пра нешта пісаць трэба…

Ціск на абласнога каардынатара ГА «БАЖ», натуральна, выклікаў абурэнне ў мясцовых журналістаў — як незалежных, так і «дзяржаўнікаў». Бажаўцы прапаноўвалі свае камп’ютары, фотакамеры, аргтэхніку. Некаторыя нават казалі, што ў знак салідарнасці гатовыя адседзець колькі сутак адміністрацыйнага арышту, калі спатрэбіцца.

— Не-не… Экстрыму не трэба… Толькі сяброўскія складкі не забываем плаціць, — адказаў калегам Генадзь Суднік. — Жыццё ж, даражэнькія мае, працягваецца!


Алесь БУРАКОЎ
Крынiца:"Абажур" №4 (100) 2013